ЭЛЕКТРО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ,

класічная (неквантавая) тэорыя эл.-магн. з’яў, якая грунтуецца на ўяўленнях аб будове рэчыва з электрычна зараджаных часціц — электронаў і атамных ядраў. Сфарміравалася як самаст. навука ў пач. 20 ст. пасля прац Х.А.Лорэнца.

Э.т. на падставе Максвела ўраўненняў і законаў спец. адноснасці тэорыі разглядае рух і ўзаемадзеянне дыскрэтных зарадаў, апісвае эл., магн. і аптычныя ўласцівасці рэчыва і фіз. сутнасць працэсаў, якія ляжаць у аснове электрамагнетызму. Э.т. дала тлумачэнне дысперсіі святла (гл. Дысперсія хваль), катодным прамяням, Чаранкова—Вавілава выпрамяненню, руху зараджаных часціц у плазме, эл.-магн. прыродзе святла і інш. фіз. з’явам. Уклад у развіццё Э.т. зрабілі рас. вучоныя Я.І.Фрэнкель, І.Я.Там, І.М.Франк, Дз.​Дз.Іваненка, Л.А.Арцымовіч і інш. У сучасным разуменні Э.т. з’яўляецца часткай класічнай электрадынамікі.

Літ.:

Лоренц Г.А. Теория электронов и ее применение к явлениям света и теплового излучения: Пер. с англ. М., 1956;

Тамм И.Е. Основы теории электричества. 8 изд. М., 1966;

Беллюстин С.В. Классическая электронная теория. М., 1971.

А.​І.​Болсун.

т. 18, кн. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)